ЦИФРОВАЯ БИБЛИОТЕКА УКРАИНЫ | ELIB.ORG.UA


(мы переехали!) Ukrainian flag (little) ELIBRARY.COM.UA - Украинская библиотека №1

Як скласці бізнэс-план газеты ў Беларусі

АвторДАТА ПУБЛИКАЦИИ: 30 сентября 2004
АвторОПУБЛИКОВАЛ: maskaev
АвторРУБРИКА: Журналистика




ЭД БАУМАЙСТЭР, ФРЭНК МАЙЛЗ

Уводзіны

Бізнес-план называюць часам падарожнаю картай. І як ніводзін падарожнік не выпраўляецца ў незнаёмае месца, не зазірнуўшы ў дарожны атлас, так і ніякі бізнес не павінен пачынацца без папярэдне распрацаванага бізнес-плана. Але бізнес-план — гэта не толькі карта. Гэта і выратавальная камізэлька. Ён прадугледжвае сродкі, якія могуць потым вельмі прыдацца, калі справы ў вас пойдуць горш,— а такое ў бізнесе здараецца вельмі часта. Дзякуючы бізнес-плану прадпрыемства працуе болей стабільна, а значыць, з’яўляецца больш жыццяздольным і мае большыя шанцы для росту і паспяховага развіцця. Менавіта бізнес-план можа дапамагчы газеце дасягнуць рэальнае незалежнасці.

Але ёсць рэчы, якія бізнес-план забяспечыць не можа. Ён няздольны гарантаваць поспеху, хоць і можа павялічыць яго верагоднасць. Ён няздольны палепшыць эканамічныя ўмовы ў краіне, але можа палегчыць працу ў гэтых умовах. Ён няздольны забяспечыць большую колькасць чытачоў ці рэкламадаўцаў, але можа паспрыяць, каб і тых, і другіх у вас стала больш.

Сутнасць бізнес-плана простая: ён засяроджвае ўвагу на тых размаітых пытаннях, якія вашае прадпрыемства абавязанае вырашыць дзеля забеспячэння сваёй жыццяздольнасці, росту і паспяховага развіцця. І хоць бізнес-план патрабуе пэўных разлікаў, а ўжываная ў ім тэрміналогія можа быць для вас незнаёмай — каб яго скласці і потым прытрымлівацца, не трэба быць вялікім навукоўцам. Добра распрацаваны бізнес-план тычыцца не толькі вышэйшых чыноўнікаў прадпрыемства. Значныя яго часткі закранаюць кожнага супрацоўніка, ад якога залежыць поспех фірмы.

Існуюць сучасныя, але зусім не дарагія сродкі, якія значна палягчаюць складанне і кантроль за выкананнем бізнес-плана. Напачатку можа падацца, што разабрацца з кампутарнымі праграмамі з выкарыстаннем табліц (напрыклад, праграмай Excel) надзвычай цяжка, аднак пасля таго, як параметры такой табліцы зададзеныя, ёй могуць карыстацца і людзі без спецыяльнай падрыхтоўкі. Узоры такіх табліц прыводзяцца ў змешчаным ніжэй тэксце, а некалькі з іх, у выглядзе незапоўненых бланкаў, даюцца ў самым яго канцы.

Бізнес-план уяўляе сабой, урэшце, не больш як упарадкаваны спосаб кіравання звычайнай жыццёваю логікай. Ён узбройвае вас метадам, які дапамагае сачыць за тым, як развіваюцца вашыя справы, і ўносіць карэктывы, калі нешта ў іх пачынае ісці не так, як вы разлічвалі.

У залежнасці ад вашых патрэбаў бізнес-план можа быць болей ці меней складаным. Узор бізнес-плана, які прапануецца тут, — усяго толькі прыклад, у які вы можаце ўносіць свае змяненні. І, верагодна, па меры набыцця ў гэтай справе ўласнага досведу вы так і зробіце. Тое, што прапануем мы, — толькі адпраўны пункт вашага самастойнага падарожжа.

Частка 1: Пастаноўка задачы (Вызначэнне місіі)

Кожная бізнесовая арганізацыя павінна ведаць, у чым заключаецца яе дзейнасць. На першы погляд, здаецца, што ставіць такое пытанне — значыць пытацца пра нешта само сабой зразумелае: кожнае прадпрыемства і так ведае, чым яно займаецца. Але гэта не так. Хоць у цэлым на прадпрыемстве можа існаваць пэўнае ўяўленне пра тое, чым яно займаецца, але розныя яго супрацоўнікі зазвычай маюць наконт гэтага розныя меркаванні. У рэдактара, напрыклад, можа быць адно бачанне. У камерцыйнага дырэктара — другое. У журналістаў пункт погляду можа адрознівацца ад двух першых. А ў аддзеле распаўсюджвання могуць на гэта глядзець яшчэ іначай.

Ідэя вызначэння місіі заключаецца ў тым, каб дабіцца ад кожнага дакладнага разумення таго, што гэтая місія сабой уяўляе. Фармулёўка місіі, выкладзеная пісьмова, — найлепшы спосаб распачаць стварэнне бізнес-плана. Гэта прымушае розных менеджэраў аднаго прадпрыемства прыйсці да агульнай згоды. Цалкам натуральна, што пры гэтым можа ўзнікнуць маса дыскусіяў наконт таго, што гэтая місія мусіць у сабе заключаць. Можа адбыцца нават пэўнае супрацьборства поглядаў. Але пасля таго, як усе пагадзіліся з абранаю фармулёкай, вы можаце лічыць, што зрабілі надзвычай важны крок у кіраванні вашай газетай як бізнес-прадпрыемствам.

Пачынаючы будаваць бізнес-план, мы мусім адказаць сабе на наступныя пытанні: “Якая нашая мэта? Чаго мы хочам ад нашай газеты? Чаго збіраемся дасягнуць?” Мэты, якіх мы хочам дасягнуць, могуць гучаць, напрыклад, наступным чынам: “Мы хочам рабіць газету, якая давала б агляд усіх падзеяў, што адбываюцца ў нашым грамадстве. Мы хочам рабіць газету, якая давала б чытачам поўную інфармацыю пра падзеі як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне. Мы хочам, каб нашая газета друкавала крытычныя каментары дзеянняў урадавых структураў і інстытуцыяў, якія выступаюць ад нашага імя. Мы хочам, каб нашая газета была першай у распаўсюджванні самых розных навінаў: грамадскіх, палітычных, спартовых, культурных. Мы хочам, каб нашая газета не толькі інфармавала, але і забаўляла”.

Усе падобныя мэты павінны быць адлюстраваныя ў фармулёўцы місіі. Сфармуляваная такім чынам місія кладзецца ў аснову бінес-плана. Ясна ўсвядоміўшы, чым мы хочам быць, мы цяпер здольныя стварыць бізнес-план і выпрацаваць пэўную стратэгію дзеля дасягнення нашых мэтаў.

У працэсе вызначэння місіі можа выявіцца, што ў камандзе вашых менеджэраў існуюць розныя погляды наконт таго, чым канкрэтна займаецца вашае прадпрыемства. І гэта вымусіць вас правесці грунтоўнае абмеркаванне самага істотнага элемента ў існаванні вашага прадпрыемства: чым яно ўласна займаецца. Бо пакуль кожны ўдзельнік вашай каманды не ўсвядоміць, дзеля якой дзейнасці вашае прадпрыемства існуе, вы будзеце няздольны весьці паспяховую дзейнасць. Аднак, нягледзячы на тое, што ўдзел усіх супрацоўнікаў у вызначэнні місіі з’яўляецаа эфектыўным, апошняе слова павінна быць за дырэктар, які і мусіць у далейшым ужыць увесь свой аўтарытэт, каб астатнія прытрымліваліся прынятага рашэння.

Важна, каб фармулёўка місіі была даведзеная абсалютна да ўсіх супрацоўнікаў. Азнаямленне ўсіх з іншымі часткамі бізнес-плана — не абавязковае. Фінансавая інфармацыя, напрыклад, можа быць канфедэнцыйнай. Але фармулёўка місіі павінна быць вядомая кожнаму, хто працуе на вашу газету. Гэтаксама азнаёміцца з фармулёўкаю місіі мусяць мець магчымасць і карыстальнікі газеты, яе чытачы і рэкламадаўцы,— у тым аб’ёме, у якім гэта можа іх зацікавіць. Гэта павінен быць дакумент, якім вы маглі б ганарыцца. Неблагой думкай у сувязі з гэтым з’яўляецца стварэнне адмысловых плакатаў, якія вы маглі б вывесіць у памяшканнях рэдакцыі. Тады пра гэта будуць ведаць нават простыя вашы наведнікі, простыя чытачы.

Як жа выглядае фармулёўка місіі?

Кожная з іх будзе мець свае асаблівасці, як маюць свае асаблівасці ўсе газеты і ўсе грамадствы. Няма «правільнай» або «няправільнай» фармулёўкі місіі. Такую фармулёку можаце скласці толькі вы самі, зыходзячы з вашага разумення таго, чым вы займаецеся і дзеля чаго.

Вось прыкладныя ўзоры таго, як можа выглядаць фармулёўка місіі:

1. Мэта нашай газеты — як мага больш поўнае забеспячэнне грамадзянаў, яе чытачоў, надзейнай і найбольш важнай інфармацыяй, якая закранае ўсе сферы іх жыццёвых інтарэсаў — сацыяльных, эканамічных, палітычных і культурных.

2. Мэта нашай газеты — служыць пасярэднікам паміж рэкламадаўцамі, змяшчаючы іх рэкламу, адрасаваную нашым чытачам, і нашымі чытачамі, як іх патэнцыйнымі кліентамі.

3. Мэта нашай газеты — забеспячэнне чытачоў праўдзівай інфармацыяй, якая абапіраецца на факты, усебакова праверанай і аб’ектыўна пададзенай. Пры публікацыі крытычных матэрыялаў, што закранаюць пэўных асобаў або інстытуцыі, уся інфармацыя будзе выключна дакладнай і выверанай. Калі крытычныя матэрыялы, што закранаюць пэўных асобаў або інстытуцыі, падрыхтаваныя нашымі супрацоўнікамі, у гэтым жа матэрыяле будзе дадзеная магчымасць выказаць свой пункт погляду і крытыкаванаму боку.

4. Нашая газета будзе падтрымліваць усе сумленныя і вартыя таго ініцыятывы ў нашым грамадстве — у сацыяльнай, прадпрымальніцкай, палітычнай і культурнай дзейнасці.

5. Штатным супрацоўнікам нашай газеты можа быць толькі той, хто будзе імкнуцца да высокага прафесіяналізму ў той сферы, якой займаецца.

6. Нашая газета лічыць сваіх чытачоў і рэкламадаўцаў за сваіх спажыўцоў і будзе ставіцца да іх з павагаю і абыходлівасцю, годнымі нашай прафесіі.

7. Нашая газета будзе аб’ектыўнай і пазапартыйнай, адкрытай для выяўлення ўсіх пунктаў погляду, не выяўляючы пры гэтым сваёй прыхільнасці да якога-небудзь з іх. Калонка рэдакцыйнае пошты будзе аднолькава адкрытай для ўсіх.

8. Нашая газета будзе імкнуцца быць важнаю і нават неабходнаю часткай жыцця нашых чытачоў і рэкламадаўцаў.

9. Кіраўніцтва нашай газеты будзе заўжды адкрытым для сустрэч з грамадскасцю.

10. Нашая газета ўяўляе сабой установу нашага грамадства, і ў кожным сваім нумары яна будзе імкнуцца быць годнай установаю нашага грамадства.

Хоць прыведзеныя вышэй прыкладныя тэзы, безумоўна, занадта абстрактныя для вашай канкрэтнай газеты, але яны ілюструюць сабой тыя ідэі, што можа ўключаць у сябе фармулёўка місіі. Знайсці такую фармулёўку будзе няпроста. Вы павінны быць упэўнены, што вас падтрымліваюць астатнія члены кіраўніцтва. Найлепш, калі такая падтрымка дасягаецца шляхам кансэнсусу, але камерцыйнае прадпрыемства не абавязкова абапіраецца на дэмакратычныя прынцыпы — іначай кажучы, часам тут даводзіцца ўжываць і практыку дэмакратычнага цэнтралізму. Кіраўнік мае права навязваць сваю волю, хоць, безумоўна, калі патрымка так ці іначай можа быць дасягнутая праз кансэнсус, яму будзе лягчэй кіраваць прадпрыемствам і само прадпрыемства будзе мець больш шанцаў на поспех. І ўсё ж, як ужо было зазначана, галоўная роля, урэшце, тут належыць кіраўніку. На пэўнай стадыі абмеркавання фармулёкі місіі хтосьці павінен прыняць канчатковае рашэнне. І гэты хтосьці — кіраўнік прадпрыемства.

Фармулёка місіі можа легчы ў аснову больш канкрэтных унутраных інструкцыяў для персаналу, якія і будуць абапірацца на патрабаванні гэтае фармулёўкі. Сама фармулёўка не ўтрымлівае канкрэтных правілаў, якімі павінны кіравацца тыя, хто працуе ў газеце. А вось інструкцыі якраз і могуць існаваць менавіта для гэтага.

Інструкцыі, напрыклад, могуць зацвярджаць працоўны расклад, забараняць пэўныя паводзіны супрацоўнікаў, вызначаць тыя паводзіны, за якія супрацоўнік можа быць звольнены. Прыклад, які паказвае структуру адной з такіх інструкцыяў, можна пабачыць у Дадатку А.

Пасля таго, як фармулёка місіі зацверджаная, наступным крокам з’яўляецца вызначэнне структуры — выдзяленне асобных аддзелаў газеты. А тады кожны аддзел вызначае фармулёўку сваёй місіі, якая ўпісвалася б у галоўную фармулёўку місіі ўсёй газеты.

Структура большасці заходніх газетаў уключае пяць асноўных аддзелаў, у тым ліку:

Адміністрацыя, у якую ўваходзяць выдавец, заснавальнік, кіраўніцтва рэдакцыі, кіраўніцтва бухгалтэрыі.

Рэпарцёрска-рэдактарскі аддзел, у які ўваходзяць рэпарцёры, аглядальнікі, каментатары, адказныя за тэматычныя раздзелы/калонкі.

Рэкламны аддзел, які падзяляецца на дзве часткі:

Блочная рэклама, дзе займаюцца буйнымі рэкламнымі аб’явамі.

Тэкставая рэклама, дзе займаюцца менш ёмістымі (але высокапрыбытковымі) рэкламнымі аб’явамі тыпу абвестак.

Аддзел падпіскі і распаўсюджвання, які займаецца рознымі відамі распаўсюджвання газеты, а таксама камплектацыяй.

Вытворчы аддзел, у якім займаюцца наборам, вёрсткай і, калі газета мае ўласную друкарню, вырабам накладу.

Кожны такі аддзел мае звычайна свайго кіраўніка, падпарадкаванага галоўнаму рэдактару ці выдаўцу (заснавальніку) або іншай асобе, на якую ўскладаюцца функцыі выканаўчага дырэктара прадпрыемства. Схему, што паказвае структуру аддзелаў, можна знайсці ў дадатку Б (???).

Структура шмат якіх Цэнтральна і Усходнееўрапейскіх выданняў адрозніваецца ад вышэй прапанаванай. Мала ў каго, напрыклад, ёсць свае друкарні, а значыць, няма й адпаведных супрацоўнікаў. (Схема ў дадатку Б – толькі прапазіцыя, адзін з магчымых варыянтаў.) Зразумела, што спосабы арганізацыі працы могуць быць самыя розныя. Але галоўны прынцып палягае ў тым, каб кожны меў ясна акрэсленыя функцыі ці абавязкі. Паміж асобнымі функцыянальнымі абавязкамі можа выявіцца няўзгодненасць, і тады яны могуць быць змененыя ці ўдакладненыя, але галоўнае, каб арганізацыя мела пэўную ўпарадакаванасць.

Кожны ўтвораны аддзел мусіць планаваць сваю дзейнасць. Рэпарцёрска-рэдактарскі аддзел, напрыклад, можа прадугледзець у сваіх планах асвятленне новых для сябе відаў навінаў, пашырыўшы, напрыклад, аб’ём інфармацыі са сферы культуры, і паставіць перад сабой задачу павышэння кваліфікацыі сваіх супрацоўнікаў. Рэкламны аддзел можа запланаваць павелічэнне продажу тэкставай рэкламы праз увядзенне адмысловых тарыфаў. У планах Адміністрацыі можа стаяць паляпшенне умоваў працы персаналу газеты. Аддзел распаўсюджвання можа планаваць апрабацыю новых метадаў у гэтай сфэры. Вытворчы аддзел можа планаваць пераход на новыя метады друкарскага набору і вёрсткі.

Усе гэтыя планы павінны быць выкладзеныя на паперы і перададзеныя выдаўцу ці галоўнаму рэдактару газеты, каб ён мог забяспечыць адпаведны аддзел рэсурсамі, неабходнымі для рэалізацыі яго планаў, ці, калі такіх рэсурсаў няма, прапанаваць аддзелу скараціць выдаткі альбо адкласці здзяйсненне намечанага да лепшых часоў. (Адсутнасць сродкаў ні ў якім разе не можа быць падставай, каб нічога не планаваць. Прэрагатыва планавання належыць кіраўніку аддзела, пасля чаго ён мусіць пераканаць выдаўца ў неабходнасці рэалізацыі сваіх планаў).

Такім чынам, сфармуляваўшы місію газеты і вызначыўшы колькасць яе аддзелаў, мы маем гатовымі два галоўныя элементы бізнес-плана.

Частка 2: Гісторыя газеты

Можа здавацца, што ўключаць у бізнес-план гісторыю газеты — штось не зусім дарэчнае. У рэшце рэшт, бізнес-план мае на мэце будучыню, а гісторыя цалкам тычыцца толькі мінулага. Але напісанне кароткай гісторыі вашай газеты – занятак карысны і нават неабходны. Перадусім, не ўсе вашыя супрацоўнікі ведаюць падрабязна мінулае газеты, нават калі яна заснаваная у бягучым дзесяцігоддзі. Інфармацыю пра мінулае варта распаўсюдзіць яшчэ і таму, што яна дазволіць вашым супрацоўнікам лепш разумець сэнс усяго прадпрыемства. Апроч таго, гісторыя — гэта тое, чым кожны можа ганарыцца, нават калі ў ёй ёсць цяжкія і складаныя моманты.

Безумоўна, ніхто за вас вашую ўласную гісторыю не напіша, але каб паказаць, як яна магла б выглядаць, ніжэй прапануецца наступны прыкладны ўзор:

Нашая газета была заснаваная ў 1992 годзе журналістамі, якія раней працавалі ў дзяржаўных газетах. Заснавальнікі паставілі за мэту забеспячэнне жыхароў нашага рэгіёну выключна праўдзівай і высокаякаснай інфармацыяй, а таксама абарону іхных правоў і інтарэсаў.

Назва нашай газеты дбайна падбіралася заснавальнікамі, каб адпавядаць гэтай задуме. Было разгледжана некалькі варыянтаў, улучна з некаторымі гістарычнымі назвамі, пакуль не спыніліся на сёньняшнім.

Нашая газета выходзіць раз на тыдзень па аўторках. Напачатку ў ёй было 16 старонак, у 1994 годзе іх колькасць вырасла да 24-х. Першапачатковы наклад складаў 5.000 экземпляраў. За мінулы час ён вырас да 10.000. Напачатку ў нас было чатыры супрацоўнікі. Сёння іх ужо дзесяць.

Напачатку нашая газета здымала маленькі пакойчык пад офіс і зусім не мела сваіх кампутараў. Сёння мы маем значна большы офіс і карыстаемся трыма кампутарамі для набору і вёрсткі.

Першыя два гады былі для газеты цалкам стратныя. Сёння яна прыносіць невялікі прыбытак.

Нашая газета шмат папрацавала, каб набыць у грамадстве добрую дзелавую рэпутацыю. Заўсёды, калі ў нас узнікала такая магчымасць, мы выступалі спонсарамі разнастайных грамадскіх падзеяў.

Цалкам зразумела, што гэтая гісторыя ўяўная, і вашая задача — знайсці і выбраць тыя элементы, якія вы хацелі б уключыць у сваю гісторыю. Але памятайце, што вы пішаце для тых, хто не быў з вамі ад самага пачатку. Зрабіце ўсё, каб вашая гісторыя была для іх дастаткова падрабязная і зразумелая.

Частка 3. Асяродак дзейнасці

Хоць кожны з вашых супрацоўнікаў будзе так ці інакш уяўляць сабе той асяродак, у якім у вашым рэгіёне адбываецца бізнесовая дзейнасць, для вас будзе надзвычай карысна выкласці ўсё гэта на паперы. Як і фармулёўка місіі, раздзел пра асяродак дзейнасці мае на мэце сабраць у адно і абагульніць размаітыя і крыху адрозныя погляды на гэтую праблему кожнага вашага супрацоўніка. Задача гэтага раздзела — дазволіць вам па-новаму зірнуць на навакольную сітуацыю.

Вельмі важна, каб вашае апісанне было шчырым і праўдзівым. Калі яно будзе занадта аптымістычным (альбо песімістычным), вы толькі падманіце самі сябе, а ў гэтым няма ніякага сэнсу. Таму раздзел павінен змяшчаць праўдзівыя апісанне і ацэнку умоваў гаспадарання, у якіх вам даводзіцца працаваць.

Ніжэй падаецца адзін з прыкладных узораў такога апісання:

У рэгіёне, дзе распаўсюджваецца нашая газета, жыве 150.000 чалавек. Большасць з іх працуе ў сельскай гаспадарцы. Каля 30% працуюць на прамысловых прадпрыемствах. Большасць прадукцыі гэтых прадпрыемстваў прадаецца ў Расіі, таму іх эканамічны стан у пэўнай ступені залежыць ад эканамічнай сітуацыі ў гэтай краіне.

Усяго ў рэгіёне 18 прамысловых прадпрыемстваў. Палова з іх вырабляе тэкстыль, які пастаўляецца на расійскі рынак. Рэшта вырабляе дробныя прылады й іншую дробную прадукцыю. На самым вялікім прадпрыемстве маецца 2.200 супрацоўнікаў. З 18 прамысловых прадпрыемстваў 12 з’яўляюцца дзяржаўнымі, пяць – сумесныя прадпрыемствы і адно цалкам прыватнае.

Наш горад стаіць на скрыжаванні чыгуначных шляхоў, і таму мае надзейную і шчыльную – пасажырскую і таварную – сувязь як з іншымі рэгіёнамі краіны, так і з суседнімі дзяржавамі. Грамадзкі транспарт працуе няблага, хоць і не на ўзроўні савецкіх часоў. Трамвайных лініяў у горадзе няма, але тралейбусы й аўтобусы ходзяць дастаткова часта, каб забяспечыць гарадзкім жыхарам неабходную мабільнасць.

Заробкі зазвычай не затрымоўваюцца, але памер іх даволі нізкі – сярэдні заробак складае 0.000.000 рублёў у месяц (сярэдні заробак па краіне — 0.000.000 рублёў). [1]

Рознічны гандаль складаецца з дзяржаўных і прыватных крамаў. Большасць з іх невялікія. Шмат якія змяшчаюць рэкламу ў нашай газеце. Нягледзячы на нізкія заробкі, таварны асартымент у нашым рэгіёне дастаткова шырокі, што можа сведчыць пра ўплыў ценевай эканомікі. Вялікая колькасць іншамарак на вуліцах яскрава паказвае, што даходы жыхароў нашага рэгіёна значна вышэйшыя, чым гэта адзначае афіцыйная статыстыка.

Хоць ніводнага новага буйнога прадпрыемства ў нашым рэгіёне за апошні час не паўстала, але дробных узнікае шмат. Гэтаксама шмат якія дзяржаўныя крамы сталі прыватнымі. У бягучы момант у нашым рэгіёне праводзіцца рэалізацыя некаторых урадавых інфраструктурных праектаў: будаўніцтва дзвюх магістраляў і трубаправода,— чакаецца, што ў наступным годзе гэтыя праекты дадуць шмат новых працоўных месцаў.

Колькасць грошай, якія прадпрыемства можа выдаткоўваць на рэкламу, усё яшчэ абмяжоўваецца ўрадавымі інструкцыямі, і таму рост даходаў ад рэкламы чакаецца слабы і будзе залежаць пераважна ад таго, колькі новых прадпрыемстваў-патэнцыйных рэкламадаўцаў нам удасца прыцягнуць.

Сёлета плануецца правесці агульнанацыянальны перапіс насельніцтва. Пасля яго правядзення мы будзем мець больш дакладныя дадзеныя што да насельніцтва нашага рэгіёна.

Пры складанні гэтага раздзела можа быць карысным пракансультавацца ў экспертаў з самых розных галінаў. Чым надзейнейшая статыстыка – тым карыснейшы будзе гэты раздзел, асабліва для вас. Змешчаная ў ім інфармацыя можа служыць асновай для распрацоўкі матэрыялаў як для агульнай прамоцыі вашай газеты, так і для планавання дзейнасці Рэкламнага аддзела. (Прыкладны узор падаецца ў дадатку В.)

Частка 4. Канкурэнтны асяродак

Кожная газета мае сваіх канкурэнтаў. Але пры гэтым важна разумець, што канкурэнцыя бывае розная. Напрыклад, іншая мясцовая газета можа канкураваць з вамі як за чытачоў (што тычыцца паступленняў ад падпіскі і продажу), так і за рэкламадаўцаў (што тычыца паступленняў ад рэкламы). Іншая канкурэнцыя будзе выяўляцца ў іншым. Напрыклад, газета, якая друкуе толькі рэкламныя абвесткі, будзе канкураваць з вамі пераважна за даходы ад рэкламы (і толькі за даходы ад рэкламы, калі яна пры гэтым распаўсюджваецца бесплатна).

Вашым канкурэнтам з’яўляецца любы сродак масавай інфармацыі, які звяртаецца да вашых спажыўцоў (чытачоў ці рэкламадаўцаў), маючы на мэце іх час альбо грошы. У першую чаргу, гэта, безумоўна, іншыя газеты. Але таксама і тэлебачанне, асабліва калі гэта незалежная мясцовая тэлестанцыя. Вельмі важна, каб усе члены вашага кіраўніцтва разумелі сутнасць канкурэнцыі. Перадусім гэта тычыцца супрацоўнікаў рэкламнага аддзела, але не менш гэта патрэбна й рэдактарам, якія змогуць тады рыхтаваць канкурэнтназдольныя матэрыялы.

Ніжэй падаецца прыкладны ўзор апісання канкурэнтнага асяродка:

У нашым рэгіёне маецца некалькі меншых за нашу незалежных газетаў і адна дзяржаўная, якая мае большы наклад і меншую рознічную цану. Ёсьць таксама рэкламная газета, якая распаўсюджваецца бясплатна і змяшчае толькі дробныя рэкламныя абвесткі. Існуе і мясцовая незалежная тэлестанцыя.

Лічбы, што ілюструюць канкурэнцыю сярод газет, выглядаюць так:

Назва газеты Наклад
Перыядычнасць
Цана

Нашая газета 10.300*
раз на тыдзень
5.000 бел. руб

Дзяржаўная вечаровая газета 45.000**
двойчы на тыдзень
4.000 бел. руб.

Дзяржаўная газета 50.000**
тройчы на тыдзень
1.500 бел. руб.

Рэкламная газета 90.000+
раз на тыдзень
бясплатна

Яшчэ адна гарадзкая газета 8.000**
раз на тыдзень
1.000 бел. руб.


* Прадаваны наклад

** Друкаваны наклад. Няма дадзеных па колькасці прадаваных асобнікаў.

+ Рэкламная газета

Апроч таго, ёсьць фірмы, што займаюцца шчытавой рэкламай, але іх зусім няшмат. Паводле падлікаў нашых супрацоўнікаў, мы маем усяго дзесяць рэкламных шчытоў на галоўных дарогах нашага рэгіёну. Большасьць карыстальнікаў гэтым відам рэкламы – банкі.

Мясцовая незалежная тэлестанцыя перадае мясцовыя навіны (але толькі два разы на тыдзень) і вядзе пошук рэкламы мясцовага бізнесу. Вядуць вяшчанне на нашую тэрыторыю і некаторыя расійскія радыёстанцыі. Некаторыя з іх прапаноўваюць невялікія рэкламныя паслугі для кампаніяў, якія гандлююць у нашым рэгіёне.

Нягледзячы на тое, што большасць членаў вашага кіраўніцтва і так трымае гэтыя лічбы ў памяці, выклаўшы іх на паперы, вы зробіце сабе толькі лепш. Так, з гэтае табліцы вы зможаце ўбачыць, што хоць «Нашая газета» — самая дарагая, гэта яшчэ не сведчыць пра нешта дрэннае: гэтая ж табліца паказвае, што яе ўсё ж набываюць больш за 10.000 чалавек. І хоць дзяржаўная газета, маючы цану ў 1.500 рублёў, разыходзіцца ў колькасці 50.000 экземпляраў, даход ад распаўсюджвання «Нашай газеты» ў параўнанні з ёй, нават нягледзячы на наш невялікі наклад, складае 2/3 за кошт большай цаны аднаго нумару.

Сабраная ў адным месцы, такая інфармацыя дазваляе кіраўніцтву аналізаваць сітуацыю і планаваць адпаведныя захады з улікам наяўнай канкурэнцыі. Ці трэба зменшыць цану «Нашае газеты»? Нават калі наш наклад пры гэтым павялічыцца, як гэта адаб’ецца на нашых выдатках? Каб надрукаваць большы наклад, мы будзем вымушаныя патраціць больш грошай, але калі мы пры гэтым прадамо больш экземпляраў па ніжэйшай цане, ці акупіцца ўсё гэта? Такога тыпу пытанні могуць паўставаць і абмяркоўвацца, бо ўся небходная для аналізу інфармацыя будзе перад вашымі вачыма.

Такое самае пытанне можа тычыцца і рэкламных паслугаў. Напрыклад, калі вы панізіце вашыя рэкламныя расцэнкі, ці збераце вы настолькі болей рэкламы, каб пакрыць усе свае выдаткі,— у тым ліку выдаткі ад паніжэння расцэнак? У кожным выпадку важна мець пад рукой патрэбную інфармацыю, і тут якраз яна ў вас будзе.

Частка 5. Прыбыткі і страты за мінулы год (фінансавы баланс).

А

дсюль пачынаюцца ўжо лічбы. Лічбы, вядома, не галоўнае, але ведаць іх абсалютна неабходна. Якія сумы складаюць вашыя выдаткі? Якія вы маеце даходы? На што ідуць грошы? Адкуль паступаюць даходы?

Палічыць усё гэта нескладана, і прыкладны ўзор тут падаецца. У ім мы спрабуем сістэматызаваць паводле катэгорыяў усе вашыя выдаткі і ўсе даходы. Хоць усё гэта можна рабіць і з дапамогай кампуразаванай табліцы, вялікай неабходнасці ў ёй няма. Форма інфармацыі тут не такая істотная, як змест!

Вось як магла выглядаць такая сістэматызаваная інфармацыя:

Прыбыткі і страты за мінулы год

1. Артыкулы даходу

2. Продаж газеты

3. Продаж рэкламных паслугаў

4. Іншае

5. Папярэдняя сума даходаў

6. Гранты

7. Прэс Наў (Галяндыя)

8. Усе даходы разам з грантам

9. Выдаткі

10. Папера

11. Друк

12. Офісныя выдаткі

13. Камандыроўкі

14. Маркетынгавыя выдаткі

15. Заробкі персаналу

16. Падаткі на заработную плату

17. Падаткі на даходы

18. Арэндная плата і камунальныя паслугі

19. Розныя выдаткі

20. Усяго выдаткаў

21. Прыбытак (страты)

22. Мінус гранты

23. Прыбытак (страты) ад уласнай дзейнасці

У гэтым узоры замест рэальных лічбаў прастаўленыя нулі. Варыянт, у які вы можаце ўставіць вашыя ўласныя лічбы, даецца напрыканцы гэтага тэксту.

Задача гэтай часткі бізнес-плана — даць дэталёвы і канкрэтны агляд нядаўняй фінансавай гісторыі вашай газеты. Усю патрэбную для гэтага інфармацыю вы ўжо маеце, хоць, магчыма, і не раскладзеную паводле рубрыкаў пададзенага вышэй узору. Ніжэй даюцца дадатковыя тлумачэнні кожнае рубрыкі.

Радок 1. Даходы. Пад гэтым загалоўкам змяшчаюцца ўсе артыкулы даходаў, якія газета мела за папярэдні год.

Радок 2. Продаж газеты. Тут паказваюцца грашовыя паступленні ад продажу газеты; праз шапікі, ад вулічных прадаўцоў, незалежных распаўсюджвальнікаў, падпішчыкаў і г.д.. Важна паказаць менавіта тую суму, якая даходзіць да газеты. У якасці камісійных прадаўцы заўсёды пэўны працэнт пакідаюць сабе. У выніку, калі ваша продажная цана складае 4.000 бел.р., а прадавец бярэ 25% камісійных, да газеты даходзіць 3.000 бел.р. У вас павінен быць запіс усіх гэтых дадзеных за мінулы год. Апроч таго, розныя тыпы распаўсюджвальнікаў могуць мець з вамі асобныя пагадненні (са сваім працэнтам камісійных), і калі гэта так, вы павінны пралічыць усе гэтыя лічбы асабліва акуратна.

Радок 3. Продаж рэкламных паслугаў. Тут паказваецца сума грошай, што паступіла ў газету ад продажу рэкламных паслугаў. Калі вы практыкуеце бартэрныя аперацыі, улічыце іх у асобнай рубрыцы даходаў. Грашовы эквівалент перададзенай па бартэры рэчы (паслугі) павінен быць занатаваны і ў адпаведнай рубрыцы вашых выдаткаў.

Радок 4. Іншае. У гэтым радку сумуюцца іншыя даходы, якія мела вашая газета. Вы маглі, напрыклад, здаваць у арэнду іншай кампаніі частку вашых памяшканняў. Ці, можа быць, выкарыстоўвалі свае кампутары для аказання некаторых выдавецкіх паслугаў. Вы можаце мець пэўныя даходы ад продажу ранейшых нумароў газеты альбо ад продажу рэкламадаўцам копіяў блочнай рэкламы дзеля выкарыстання іх у якасці рэкламных плакатаў. Карысна пазначаць і крыніцы паходжання гэтых «іншых» даходаў.

Радок 5. Папярэдняя сума даходаў. У гэтым радку проста сумуюцца лічбы 2, 3 і 4 радкоў.

Радок 6. Гранты. Пад гэтым загалоўкам змяшчаюцца дадзеныя пра ўсе гранты, атрыманыя за мінулы год. Дадзеныя пра гранты вынесеныя ў асобную рубрыку, бо гэты тып паступленняў адрозніваецца ад даходаў ад продажу і рэкламы. Як правіла, гранты выдаюцца аднаразова, і таму не з’яўляюцца такімі ж сталымі (і надзейнымі) артыкуламі даходу, як тыя, што прадстаўленыя ў радках 2,3 і 4.

Радок 7. Прэс Наў (Галяндыя). Гэта назва ўяўнага гранта. Калі вы атрымалі іх некалькі, кожны трэба змясціць у асобным радку.

Радок 8. Усе даходы разам з грантам. У гэтым радку сумуюцца лічбы з радкоў 5 і 7. У выніку вы маеце поўную суму грашовых паступленняў (даходаў) вашай газеты ў мінулым годзе. Гэтая вельмі паказальная лічба. Гэта вашыя грашовыя магчымасці ў мінулым годзе.

Радок 9. Выдаткі. Пад гэтым загалоўкам змяшчаюцца ўсе выдаткі вашай газеты за мінулы год. Ведаць рэальны кошт газеты вельмі важна, нават калі часта гэта бывае і не надта прыемнаю тэмай. І адзіны спосаб зрабіць яе хоць неяк прыемнай – гэта ведаць пра свае выдаткі ўсё. У наступных графах вам трэба будзе пазначыць поўныя сумы, патрачаныя па тым ці іншым артыкуле, а не толькі тыя грошы, якія вы мусілі даплаціць пасля пакрыцця часткі гэтых выдаткаў, напрыклад, з дапамогаю гранту. Гранты могуць быць выдзеленыя ці не выдзеленыя, а вам для будучых сваіх разлікаў важна ведаць рэальныя кошты.

Радок 10. Папера. У гэтай графе пазначаюцца выдаткі, панесеныя вамі на закупку паперы. Калі на аплату паперы вам летась быў выдзелены грант, вы не павінны мінусаваць суму гранта ад агульнага кошту паперы. Сума гранту павінна быць пазначаная ў радку 7. Грант не паніжае кошту паперы, а толькі памяншае суму, якую вы самі плаціце за яе. Сума такога гранту будзе ўлічаная ніжэй — у графе, дзе вы адмінусуеце выдаткі ад вашых даходаў.

Радок 11. Кошт друку. У гэтай графе пазначаюцца сумы, аплачаныя па рахунках друкарні. Зноў-такі, калі на аплату друку ў вас быў грант, улічваць яго тут не трэба. Трэба паказаць поўную суму па ўсіх рахунках друкарні.

Радок 12. Офісныя выдаткі. У гэтую графу заносяцца як правіла дробныя, але шматлікія выдаткі, якія потым сумуюцца разам. Сюды ўваходзяць, напрыклад, звычайныя офісныя выдаткі — на куплю паперы, асадак, капэртаў і да т.п.. Час да часу могуць патрабаваць замены, рамонту альбо мадэрнізацыі вашыя рэдакцыйныя кампутары. Усе падобныя выдаткі адсочваюцца ў гэтай графе.

Радок 13. Камандыроўкі. У гэтай графе паказваюцца грошы, якія пайшлі на паездкі — як па горадзе, так і загароднія — і былі аплочаныя з бюджэту кампаніі. Адсачыць усё гэта часам бывае няпроста, бо агульная сума такіх плацяжоў складаецца з дробных выдаткаў на невялікія паездкі вялікай колькасці людзей. Тым не менш, ведаць гэтую суму ўяўляецца важным, бо нягедзячы на невялікія памеры кожнага асобнага плацяжа, агульная іх сума можа быць унушальнай. І калі напрыканцы года вы са здзіўленнем запытаецеся ў сябе: «Куды пайшлі нашыя грошы?»,— гэта будзе значыць, што яны пайшлі менавіта на такія нібыта неістотныя выдаткі.

Радок 14. Маркетынгавыя выдаткі. У гэтай графе пазначаюцца ўсе грошы, выдаткаваныя ў мэтах маркетынгу вашай газеты. Сюды, напрыклад, заносіцца кошт экземпляраў, што былі раздадзеныя бясплатна. Тут жа пазначаюцца і ўсе выдаткі на арганізацыю шчытавой рэкламы вашай газеты. Калі вы друкуеце брашуру са сваімі рэкламнымі расцэнкамі ці выступаеце спансарам прызавых спаборніцтваў, усе падобныя выдаткі павінны ўлічвацца ў гэтай графе.

Радок 15. Заробкі персаналу. Рэальная заработная плата кожнага асобнага супрацоўніка фіксуецца ў адпаведных фінінсавых дакументах. Што да гэтай графы, то ў ёй трэба пазначыць агульную суму, якая пайшла на выплату заробкаў: як штатных супрацоўнікаў, так і тых, хто працуе на палову стаўкі, і г.д. — усіх. Сюды ж заносяцца і розныя дадатковыя выплаты: ганарары, прэміі і да т.п.

Радок 16. Падаткі на заработную плату. Тут пазначаюцца сумы, выплачаныя прадпрыемствам у якасці падаткаў на заработную плату сваіх супрацоўнікаў. Тое, што плацяць самі супрацоўнікі, сюды не ўключаецца (бо гэта не выдаткі прадпрыемства).

Радок 17. Падаткі на даходы. Пададзеная тут сума падаткаў разлічваецца ад даходаў кампаніі (а не ад прыбытку!).

Радок 18. Арэндная плата і камунальныя паслугі. Тут улічваюцца сумы, выплачаныя за арэнду офісных памяшканняў, а таксама за тэлефон, ацяпленне і электрычнасць.

Радок 19. Розныя выдаткі. У гэтую графу заносяцца ўсе дробныя выдаткі,— напрыклад, паштовыя адпраўленні,— якія не падпадаюць пад вышэйпералічаныя катэгорыі. Агульная іх сума павінна быць невялікай. Калі некаторыя з гэтых выдаткаў выяўляюцца значнымі, іх трэба паказаць асобнай графой, каб заўсёды мець перад вачыма.

Радок 20. Усяго выдаткаў. Гэтая графа ўяўляе сабой простую суму ўсіх лічбаў, змешчаных з 10 радка па 19. Яна павінна ілюстраваць усю суму выдаткаў, панесеных вамі за мінулы год. Калі, з тых альбо іншых прычынаў, атрыманая лічба не будзе адпавядаць патрачанай вамі за мінулы год суме — ці, іначай кажучы, будзе меншаю за рэальную,— значыць, некаторыя выдаткі былі вамі проста не ўлічаныя. Вы павінны выявіць іх і дадаць, калі трэба, новыя графы. (Колькасць графаў не мае істотнага значэння. Галоўнае — іхні змест).

Радок 21. Прыбытак (страты). Гэтая графа паказвае, мелі вы ў мінулым годзе які-небудзь прыбытак ці не. Вы можаце гэта ведаць і без табліцы, але надаўшы вашым даходам і выдаткам пэўную структуру і разбіўшы іх на графы, вы будзеце мець карысны інструмент, які дапаможа пры планаванні вашай будучай дзейнасці. Змешчаная ў гэтай графе лічба атрымліваецца ў вініку мінусавання лічбы з 20-й графы (Усяго выдаткі) ад лічбы з графы 8-й (Усе даходы разам з грантам). Калі выніку выходзіць са знакам плюс, значыць, у вас быў прыбытак. Калі са знакам мінус – вы панеслі страты. Але нават адмоўны вынік яшчэ не падстава для роспачы. Нашмат горш, калі не проста страчваеш грошы, а нават не ведаеш, на чым іх страціў. Калі ж вы зможаце разабрацца з гэтым, дык знойдзеце і спосаб, які дапаможа потым вярнуць гэтыя страты.

Радок 22. Мінус гранты. Які б ні быў — станоўчы ці адмоўны — вынік, атрыманы вамі ў 21-й графе, ад гэтай лічбы трэба адняць яшчэ суму грантаў. У такой аперацыі ёсць свой сэнс. Перш за ўсё, таму, што сёння гранты ёсць, а заўтра іх няма. Калі яны ёсць, усё выглядае добра. Але для вас важна бачыць, у якой сітуацыі вы былі б без грантаў, бо гранты — з’ява часовая. Лічба, атрыманая вамі ў графе 22, якраз і пакажа, якім было б вашае фінансавае становішча, калі б вы абапіраліся толькі на свае найбольш надзейныя крыніцы паступленняў: чытачоў і рэкламадаўцаў. (Бо што б вы ні думалі, а яны ўяўляюць для вас надзейнейшую крыніцу, чым гранты, бо застаюцца з вамі ўвесь час.) Працэдура, прадугледжаная ў гэтай графе, мае на мэце не прынізіць значэнне грантаў, а ўсяго толькі ацэньваць іх з адпаведнай увагай. Каб атрыманая вамі ў 22-й графе лічба была карэктнай, яна павінна ўлічваць суму, пазначаную ў графе 7 (Гранты).

Радок 23. Прыбытак (страты) ад уласнай дзейнасці. Каб атрымаць адпаведную лічбу, адмінусуйце ад лічбы з 21-й графы лічбу ў графе 22. Што маецца на ўвазе пад прыбыткам (стратамі) ад уласнай дзейнасці? Гэта проста тыя грошы, якія вы зарабілі (альбо страцілі) самі. Гранты падобныя да падарункаў Дзеда Мароза, але Дзед Мароз яўна не ўваходзіць у штат вашых супрацоўнікаў. Вашая ўласная дзейнасць палягае на выдаванні і продажы газеты, а таксама на продажы рэкламных паслугаў. Лічба ў гэтай графе паказвае, як вы спраўляецеся без падарункаў Дзеда Мароза, — іначай кажучы, без пабочнае дапамогі. І гэтую лічбу вельмі важна ведаць.

Трэба зазначыць, што ў прапанаваную табліцу не ўключаная графа, якая паказвала б падаткі, выплачаныя вамі з чыстага прыбытку. Глядзі дадатак Г.

Цяпер вы можаце прааналізаваць сваё мінулае. Уважліва зірніце на гэтыя лічбы. Падумайце, ці могуць яны падказаць вам нешта, чаго вы раней не ведалі альбо на што не звярталі ўвагі. Ці не здзівіла вас сума вашых рэальных выдаткаў? Ці ўбачылі вы раптам, наколькі фатальна залежыце ад грантавай дапамогі? Чым з большай увагаю вы прааналізуеце лічбы, што ілюструюць вашае нядаўняе мінулае, тым з большаю верай зможаце глядзець у будучыню. Бо хоць добры бізнес-план і не можа гарантаваць добрую будучыню, затое ён можа заўсёды дапамагчы пазбегчы сапраўды змрочнае перспектывы.

Частка 6. Планы на наступны год – першы месяц

Цяпер, калі ў нас ёсць добра распрацаваны апарат для аналізу нашай мінулай дзейнасці, самы час скарыстаць яго для планавання будучыні. Мы вызначылі ўсе артыкулы ўсіх нашых выдаткаў і ўсіх даходаў за мінулы год. Скарыстаемся гэтымі артыкулі і для планавання нашай будучай дзейнасці, разбіўшы выдаткі па кожным з іх памесячна.

Голыя лічбы ніколі не скажуць вам усяго, што можа быць вам вядома з непасрэднага жыццёвага досведу. Так, напрыклад, складаючы план, вы будзеце ведаць, што ўзімку вашае прадпрыемства спажывае больш электрычнасці, чым у летнія месяцы, і гэта адбіваецца на вашых выдатках. Але ж улетку шмат вашых чытачоў з’язджае на вакацыі, што памяншае аб’ёмы продажу і, адпаведна, адбіваецца на вашых даходах.

Цяпер самы час паглядзець у будучыню і на падставе досведу мінулага года зрабіць некаторыя прагнозы на год наступны.

Форма такога прагнозу на будучыню вельмі падобная да той, якую мы ўжывалі для аналізу мінулага. Яна ўтрымлівае такія самыя артыкулы даходаў і выдаткаў, але, апроч таго, прадугледжвае іх памесячную арзбіўку. Гэтая табліца створаная ў кампутарнай праграме, што называецца spreadsheet – вылічальная старонка. Вылічальная старонка – вельмі зручны спосаб стварэння такіх табліц, але гэта не значыць, што табліцу нельга стварыць іншым спосабам. Патрэбныя ў ёй вылічэнні — дастаткова простыя (дадаванне і адыманне), і іх можна зрабіць на паперы з дапамогаю калькулятара ці нават лічыльніка (але, напэўна, усё-такі не на пальцах).

Тыя, каго зацікавіць зрабіць вылічэнні з дапамогай паказанай вышэй старонкі, могуць звярнуцца да кампутарнай версіі гэтага тэксту. Тую ці іншую кансультацыю па карыстанні праграмай можна атрымаць у мінскім прадстаўніцтве IREX ProMedia па тэлефоне 017-227.15.72.

А цяпер пяройдзем да запаўнення самой табліцы.

Кожнае прагназаванне патрабуе пэўных ацэнак і прыкідак. І ў такіх прыкідках няма нічога кепскага. Галоўнае, каб яны былі зробленыя максімальна карэктна,— у іх не трэба быць занадта аптымістычным, але не трэба даваць волю і празмернаму песімізму. Разгледзем кожную графу плана на студзень.

Радок 2. Продаж газеты. У першую чаргу трэба прааналізаваць крывую продажаў за папярэдні год. Калі летась цана газеты павялічвалася, трэба адзначыць, як такое павелічэнне адбілася на аб’ёмах продажу. Як правіла, пасля ўздаражання аб’ём продажу газеты падае, але звычайна такое падзенне часовае. (Хуткасць аднаўлення аб’ёмаў продажу залежыць ад розных прычынаў – ад якасці газеты, ад эфектыўнасці прамоцыі да і пасля павелічэння цаны, ад продажных цэнаў газетаў-канкурэнтаў, якія могуць таксама змяняць цану з улікам вашага павелічэння.)

Трэба ўлічваць і тэмпы інфляцыі. Паколькі вытворчыя выдаткі штогод растуць, для іх пакрыцця павінна павялічвацца і продажная цана газеты. Трэба ўлічваць і агульныя умовы гаспадарання, а таксама іншыя фактары, напрыклад: ці ўзніклі апошнім часам якія-небудзь новыя выданні, што могуць скласці вам канкурэнцыю, і наадварот,— ці спыніў сваё існаванне хто-небудзь з вашых непасрэдных канкурэнтаў?

Калі вы плануеце ажыццявіць змены ў стратэгіі правядзення падпіскі, што можа прывесці да павелічэння прададзеных экземпляраў, гэты фактар таксама павінен быць улічаны ў вашых разліках. Можа быць, у вас ужо быў пэўны прэцэдэнт у мінулым? Які вынік дала апошняя з такіх зменаў у падпісной стратэгіі?

Прааналізаваўшы ўсе магчымыя фактары, мы, напрыклад, прыйшлі да высновы, што ў студзені наступнага года будзе прададзена столькі ж экземпляраў газеты, колькі ў снежні мінулага, бо з папярэдняга дасведу нам вядома, што аб’ём студзеньскіх продажаў заўсёды прыкладна такі самы, як снежаньскіх.

У снежні мы прадалі 11.000 экземпляраў па цане 5.000 бел.руб. за экземпляр на агульную суму 55.000.000 бел.руб. Паводле дамовы з распаўсюджвальнікамі яны з гэтай сумы маюць 25%, альбо 13.750.000 бел.руб. Нашыя «чыстыя» даходы складаюць, такім чынам, 41.250.000 бел.руб. Гэтая лічба дазваляе нам атрымаць яшчэ адзін цікавы і карысны паказчык – сярэдні даход ад аднагоспажыўца. Вылічыць яго лёгка: «чысты» даход (41.250.000 бел.руб.) дзеліцца на колькасць прададзеных экземпляраў, што дае 3.750 бел.руб.

Гэтая формула разлікаў — спрошчаная. Пры разліку рэальных лічбаў вам трэба будзе ўлічваць розны працэнт камісійных кожнага асобнага распаўджвальніка. Бо дзяржаўныя шапікі, напрыклад, могуць мець адзін працэнт, а незалежныя распаўсюджвальнікі – іншы. Але, правёўшы такія падлікі, вы атрымаеце вельмі карысную для вас лічбу — сярэдні даход ад аднаго спажыўца.

Гэтая лічба дазволіць вам убачыць, што будзе сабой уяўляць павелічэнне ці паніжэнне вашага накладу ў грашовых адзінках. Пры сённяшняй цане газеты даход ад аднаго спажыўца складае 3.750 беларускіх рублёў.

Радок 3. Продаж рэкламных паслугаў. Прагназаваць гэтыя паказчыкі звычайна цяжэй, чым даходы ад продажу. Чытанне газеты — гэта тое, што ўваходзіць у звычку, і таму лічбы, што тычацца распаўсюджвання, як правіла, не мяняюцца радыкальным чынам. З рэкламай усё іначай. Рэкламадаўцы, можа, і хацелі б, каб гэта стала ў іх звычкай, але яны абмежаваныя шматлікімі фактарамі: колькасцю наяўных свабодных сродкаў, напрыклад, ці дзяржаўнымі інструкцыямі, якія не дазваляюць выдаткоўваць на рэкламу болей, чым гэта прадпісваецца. Тым не менш, пэўны прагноз паступленняў ад рэкламы мы зрабіць абавязаныя.

У гэтым прагнозе выкарыстоўваюцца тыя ж метады, што і ў прагназаванні даходаў ад продажу газеты. Дапаможнікам у гэтым нам зноў-такі служыць наш мінулагодні досвед. Вы павінны мець запісы аб аб’ёмах і відах рэкламных паслугаў, зробленых за апошнія, скажам, 24 месяцы. Прааналізаваўшы гэтыя дадзеныя, вы здолееце вызначыць пэўныя тэндэнцыі ці заканамернасці. Адзначце, напрыклад, ці падаюць аб’ёмы рэкламы ўлетку, калі шмат людзей раз’язджаецца на вакацыі, і, наадварот, ці павышаецца яе інтэнсіўнасць перад Калядамі, Новым годам ці іншымі святамі.

Выявіць такія тэндэнцыі і заканамернасці вельмі важна. Нават калі ў вас не захавалася адпаведных запісаў, вы можаце лёгка іх аднавіць, прагледзеўшы ранейшыя нумары газеты і палічыўшы, колькі і якой рэкламы яны змяшчаюць.

Кожны від рэкламных паслугаў лічыце асобна. (Падрабязней гэтая тэма раскрытая ў дадатку Г.)

Пачынаючы са студзеня, першага месяца новага года, мы робім наступныя падлікі. Лічбы за студзень мінулага года, сведчаць, што студзеньскія паказчыкі заўсёды ніжэйшыя, чым снежаньскія. Іншымі словамі, рэкламадаўцы змяшчаюць у нас болей рэкламы ў снежні (безумоўна, у сувязі з навагоднімі святамі), чым у студзені (калі ў кожнага, у тым ліку і рэкламадаўцаў, менш грошай). У снежні нашыя даходы ад продажу рэкламы склалі 130.000.000 бел. руб. Але, памятаючы пра тое, што студзень заўсёды складаны месяц (для продажу рэкламы), нашыя прагнозы на продаж будуць вельмі асьцярожнымі. Нягледзячы на тое, што летась нашыя даходы ад рэкламы штомесяц няўхільна раслі, на студзень наступнага года мы заплануем невялікае іх паніжэнне ў параўнанні з мінулагоднім снежаньскім узроўнем (адпаведна паніжэнню ў студзені мінулага года). Дапусцім, наша прагнозная лічба даходаў ад рэкламы на студзень складзе 108.000.000 бел.руб. Чаму менавіта 108.000.000 бел.руб., а не, напрыклад, 110.000.000 бел.руб.? Гэта чыста псыхалагічны фактар! Каб прыйсці да такога прагнозу, мы ўсё-ткі прарабілі сур’ёзную працу, і таму нам няма сэнсу акругляць кожную лічбу. Ва ўсякім разе, калі студзень міне, мы пабачым, чаго былі вартыя нашыя прагнозы.

Радок 4. Іншае. Тут паказваюцца іншыя паступленні, якія мае нашая газета. Мы можам, напрыклад, здаваць частку нашых плошчаў у арэнду іншаму прадпрыемству, якое ў якасці арэнднай платы штомесяц плаціць нам 4.100.000 бел.руб.. На наступны год мы не плануем павышэння арэнднай платы. (Мы баімся, што, зрабіўшы гэта, можам увогуле страціць кліента, а даход, няхай і невялікі, для нас важны). Такім чынам у гэты радок мы ўносім 4.100.000 бел.руб.

Радок 5. Папярэдняя сума даходаў. Тут мы проста сумуем лічбы з радкоў 2, 3 і 4, што дае 277.100.000 бел.руб.

Радкі 6 і 7. Гранты. Сёння незалежная беларуская прэса яшчэ мае шанец атрымаць грантавую дапамогу. Гэта могуць быць гранты пад закупку паперы ці набыццё кампутараў альбо іншага абсталявання. Якая ні была б мэта гранта, ён павінен быць улічаны ў асобнай графе. Безумоўна, прадугледжанная ім сума павінна быць патрачаная на мэты, дзеля якіх ён быў выдзелены. Але ў бізнес-плане нам важна пазначыць яго як асобны від паступленняў, адрозны ад даходу з продажу газеты, рэкламных паслугаў ці (як у нашым прыкладзе) арэнднай платы. Дапусцім, што Камісія па дэмакратыі Пасольства ЗША выдзеліла нам на ўвесь наступны год 12.000 дол. ЗША, ці, у рублёвым эквіваленце, — 492.000.000 бел.руб. Падзяліўшы гэтую суму на 12 месяцаў, мы атрымаем 41.000.000 бел.руб. у месяц. Гэтая лічба і будзе занесеная ў графу 7 на студзень.

Радок 8. Усе даходы разам з грантам. Тут проста складаюцца лічбы з радкоў 5 і 7. У нашым прыкладзе гэта дасць 318.000.000 бел.руб. Гэта ўсе грошы, на якія мы зможам разлічваць у студзені.

Радок 9. Выдаткі. Сітуацыю з выдаткамі мы можам кантраляваць у значна большай ступені, чым з даходамі. Каб мы маглі ўвогуле не мець выдаткаў, мы жылі б, як у раю. Тады ўся сума паступленняў (318.000.000 бел.руб.) склала б наш чысты прыбытак. Але, каб зарабіць грошы, мы вымушаныя іх спачатку патраціць. І прагназуючы свае выдаткі, мы можам адначасова іх і планаваць. Мы можам прадугледзець, напрыклад, што на працягу года некаторыя нашы выдаткі могуць вырасці. У сваіх прагнозах мы тут, зноў-такі, павінны абапірацца на досвед мінулага года.

Радок 10. Папера. У снежні на паперу ў нас пайшло 73.800.000 бел.руб., але, паводле інфармацыі пастаўшчыкоў, у студзені наступнага года яе кошт павысіцца на 10 %. Значыць, у студзені нашыя выдаткі на паперу складуць 81.800.000 бел.руб.

Радок 11. Друк. Кошт друку газеты ў снежні склаў 52.000.000 бел.руб. і, як сказалі ў друкарні, у студзені ён падымацца не будзе, хоць пазней на працягу года, безумоўна, узрасце. Такім чынам, у 11-й графе на студзень мы прагназуем такія самыя выдаткі на друк, як і ў снежні,— 52.000.000 бел.руб.

Радок 12. Офісныя выдаткі. Каб атрымаць адпаведную лічбу, шукаем гадавы паказчык офісных выдаткаў у 12-й графе мінулагодняга плана і дзелім яго на 12 (колькасць месяцаў). Летась гэты паказчык склаў у нас 73.800.000 бел.руб., ці 6.150.000 бел.руб. на месяц. Уносім гэтую лічбу ў графу 12 на студзень.

Радок 13. Камандыроўкі і транспартныя выдаткі. Летась у нас пайшло на гэта ў сярэднім каля 8.200.000 бел.руб. у месяц, і мы разлічваем, што ў студзені выдаткі не павялічацца. Магчыма, яны ўзрастуць пазней, калі падымуцца цэны на бензін, але мы пэўныя, што ў студзені гэтага не адбудзецца. Таму смела ўстаўляем у графу 13 лічбу 8.200.000.

Радок 14. Маркетынгавыя выдаткі. У гэтай графе ўлічваюцца выдаткі, скіраваныя на прамоцыю і рэкламу газеты,— напрыклад, на друк у выглядзе асобнай брашуры прайскуранта вашых рэкламных паслугаў ці на ўстаноўку рэкламных шчытоў. І хоць вы не друкуеце такія брашуры і не ўстаноўліваеце шчыты штомесяц, будзе карысна палічыць сярэднямесячную норму выдаткаў. У слупок за студзень мы ўпісваем адну дванаццатую гадавых выдаткаў. Дапусцім, што ў наступным годзе мы плануем патраціць на прамоцыю 123.000.000 бел. руб., тады адпаведная лічба за студзень складзе 10.250.000 бел. руб.

Радок 15. Заробкі персаналу. Было б цудоўна, каб мы маглі плаціць супра-цоўнікам большыя заробкі. Гэта, несумненна, павысіла б іх энтузіазм! Але сёння мы вымушаныя быць у гэтым пытанні надзвычай далікатнымі. Мы павінны плаціць дастаткова, каб у нашай газеце працавалі і не хацелі яе пакідаць кваліфікаваныя супрацоўнікі,— але не за кошт іншых рэчаў, неабходных для нашага развіцця і поспеху,— такіх, як маркетынг, не кажучы ўжо пра выдаткі на паперу і друк. Ведаючы, колькі ў нас пайшло на заробкі ў снежні, і не плануючы іх павышаць у студзені, мы проста снежаньскую лічбу ўстаўляем у графу 15. Сума гэтых выдаткаў у нас узрасце, але гэта будзе пазней, а не ў студзені. Таму на студзень мы закладаем 82.000.000 бел.руб. Плануючы гэтыя выдаткі не толькі на студзень, мы павінны вызначыцца, ці будзем мы браць новых супрацоўнікаў. Бо пашырэнне штату таксама павялічвае суму выдаткаў. Любы рост выдаткаў — выкліканы ці то павышэннем заробкаў, ці то павелічэннем штату,— павінен быць спланаваны загадзя.

Радок 16. Падаткі на заработную плату. Гэты паказчык вызначаецца лёгка. У нашым выпадку ён складзе 40.000.000 бел. руб.

Радок 17. Падаткі на даходы. Паводле падлікаў на гэта пойдзе 1.855.000 бел. руб.

Радок 18. Арэндная плата і камунальныя плацяжы. Мы спадзяемся, што выдаткі на гэта не перавысяць снежаньскага ўзроўню: 10.250.000 бел. руб.

Радок 19. Розныя выдаткі. Мы плануем выдаткаваць такую ж суму, як і ў снежні: 41.000.000 бел. руб.

Радок 20. Усяго выдаткаў. Тут прастаўляецца сума ўсіх выдаткаў (ад 9-й да 19-й графы ўключна), якая адлюстроўвае агульны прагноз нашых тратаў у студзені: 295.605.000 бел. руб.

Радок 21. Прыбытак (страты). Каб вызначыць гэты паказчык, адмінусоўваем ад сумы з графы 8 (Усе даходы разам з грантам) суму з графы 20 (Усяго выдаткаў). У нашым прыкладзе, вынік атрымліваецца станоўчы: 21.495.000 бел. руб. Гэта значыць, што ў студзені мы будзем «у плюсе» – іншымі словамі, пасля пасля таго, як мы атрымаем усе запланаваныя даходы і панясем прадугледжаныя выдаткі, нам яшчэ застанецца 21.495.000 бел. руб. Але гэты вынік вымагае ад нас болей глыбокага аналізу. Прыгадаем, што намі будзе атрыманы грант, які ў разліку на месяц складзе 41.000.000 бел. руб. У аналітычных мэтах, разумеючы, што грантавая дапамога не будзе вечнай, мы павінны адмінусаваць суму гранта ад паказчыка з 21-й графы – хоць гэтым, вядома, мы не мінусуем яе з нашага банкаўскага рахунку. Як бы там ні было, але грант — гэта рэальныя грошы, няхай і не атрыманыя ў выніку ўласнай дзейнасці.

Радок 22. Мінус грант. Паказчык гэтай графы выводзіцца з улікам сумы, прастаўленай у графе 7 — 41.000.000 бел. руб.

Радок 23. Прыбытак (страты) ад уласнай дзейнасці. Гэта і ёсць наш рэальны «канчатковы вынік» — паказчык нашага сапраўднага фінансавага становішча. Як бачыце, у нас ён адмоўны — мінус 19.505.000 бел.руб. Гэта сума, заробленая на ўласнай дзейнасці,— продажу газеты і рэкламных паслугаў, сдачы ў арэнду часткі памяшканняў і да т.п. Каб не грант, газета была б стратнай.

У гэтай сітуацыі ў вас можа быць некалькі варыянтаў дзеянняў. Першы, відавочны,— пастарацца атрымаць яшчэ некалькі грантаў. Але хутчэй за ўсё, чым далей, тым рабіць гэта будзе ўсё цяжэй. І хоць грант — вельмі карыснае фінансавае паступленне (у гэтым месяцы ён змяніў ваш баланс са стратнага на прыбытковы), будзе разумней, калі вы пастараецеся жыць толькі са сваёй уласнай дзейнасці.

Дзеля гэтага вы павінны зрабіць адно з двух (а можа быць, і тое, і другое): вы павінны павялічыць даходы альбо скараціць выдаткі. Вядома, зрабіць як першае, так і другое няпроста. Калі вы зменшыце, напрыклад, заробкі супрацоўнікам, вы можаце страціць каштоўных для вашай газеты прафесіяналаў. Арэндную плату панізіць практычна немагчыма. Вы можаце зменшыць выдаткі на маркетынг альбо камандыроўкі, але любое змяншэнне выдаткаў па адным артыкуле заўсёды адбіваецца на чымсьці іншым. Змяншэнне выдаткаў на маркетынг можа прывесці ўрэшце да змяншэння продажу газеты ці да паніжэння даходаў ад рэкламы, ці да аднаго і другога разам.

Дзеля павелічэння даходаў вы можаце павысіць цану газеты альбо павялічыць рэкламныя расцэнкі. Але гэта можа прывесці да страты часткі чытачоў і рэкламадаўцаў. У выніку, павысіўшы цэны дзеля павелічэння даходаў, вы можаце атрымаць іх паніжэнне. Сітуацыя, вядома, няпростая, але бізнес-план дапаможа вам прыняць найбольш прадуманае рашэнне.

Напрыклад, разглядаючы варыянт з павышэннем цаны газеты, вы можаце параўнаць вашую цану з цэнамі канкурэнтаў (частка 4). Калі ж захочаце панізіць выдаткі, дык і яны — заўсёды ў вас перад вачыма, наглядна разбітыя па асобных артыкулах.

Кожнае такое рашэнне павінна быць абмеркаванае з членамі кіраўніцтва. Ці варта эканоміць на маркетынгу? Можа быць, з’эканоміць сапраўды нешта можна. Трэба прааналізаваць сітуацыю. Ці задаволіць супрацоўнікаў зусім невялікае павелічэнне заробкаў? Бізнес-план дапамагае прагназаваць фінан-савыя наступствы вашых дзеянняў. Але ён не заменіць вашых уласных развагаў. Ён дапамагае прымаць рашэнні, але не прымае іх за вас!

Частка 7. Планы на наступны год – увесь год

Я

к паказваюць разлікі, у студзені наступнага года нашыя выдаткі перавысяць нашыя даходы, і, каб не грант Камісіі па дэмакратыі Пасольства ЗША, мы мелі б фінансавыя праблемы. На шчасце, грант выдзелены на ўвесь год, і мы можам на яго разлічваць. Але мы павінны рабіць намаганні, каб стацца самадастатковымі — існаваць з даходаў ад уласнай дзейнасці. Невядома, зможам мы атрымаць новы грант у наступным годзе ці не. А паколькі «запланаваць» атрыманне гранта немагчыма, мы ўвесь год павінны будзем старацца павялічваць нашыя даходы самастойна. Сёлета грант паслужыць нам «падушкай», якая змякчыць ціск нашых праблемаў. І мы павінны выкарыстаць гэта разумна.

Цяпер пяройдзем да прагнозаў на ўвесь наступны год. У сваіх разліках мы будзем зыходзіць з наступных меркаванняў:

1. Цэны на ўсё, што нам трэба набываць, на працягу года будуць расці. Гэта значыць, што ў канцы года такі самы аб’ём, скажам, маркетынгавых паслугаў ці такая самая паездка будуць каштаваць больш, чым на пачатку. Гэта звычайны вынік інфляцыі, якая існуе ў эканоміцы ўсіх дзяржаваў.

2. Мы здолеем павысіць рэалізацыю нумароў газеты. Мы спадзяемся, што да канца года рэалізаваны наклад дасягне 13.000 экз. Дзеля гэтага давядзецца папрацаваць – асабліва ў галіне маркетынгу. Але мы разлічваем, што да ліпеня рэалізаваны наклад узрасце да 12.000 экз., а ў снежні мы зможам прадаць 13.000 экз.

3. Мы не зможам павялічыць продажную цану газеты. З увагі на эканамічную сітуацыю, што чакае нас у наступным годзе, мы не думаем, каб людзі куплялі нашую газету па вышэйшай цане. Калі мы падымем цану, наш прадаваны наклад панізіцца.

4. Мы зможам павялічыць даходы ад продажу рэкламы. Паколькі ў нашым рэгіёне колькасць прадпрыемстваў, што маюць патрэбу ў рэкламе, працягвае расці, мы спадзяемся, што аб’ём рэкламы ўзрасце таксама. Мы прагназуем павольнае павелічэнне даходаў ад рэкламы на працягу года.

5. Мы не зможам павялічыць рэкламныя расцэнкі. Складаная эканамічная сітуацыя, зноў-такі, не дазволіць нам сёлета павялічыць рэкламных расцэнак.

6. Мы будзем вымушаныя павялічыць заработную плату супрацоўнікаў. Так, мы павінны будзем павышаць заробкі, але пры гэтым мы абавязаныя не забываць, што велічыня, на якую будуць павышацца заробкі, павінна быць меншай за велічыню прыросту нашых даходаў. Мы можам разгледзець і варыянт павелічэння заробкаў за кошт скарачэння штату, патрабаваўшы ад тых, хто застанецца, працаваць болей напружана. Гэта заўсёды складаная і далікатная праблема, але, як мы тут запісалі, мы павінны яе вырашаць.

7. Мы зможам павялічыць плату за памяшканні, якія здаем у арэнду. Вядома, павелічэнне арэнднай платы будзе даволі сціплым, але мы мусім дбаць аб росце даходаў. Сума арэнднай платы будзе прадметам перамоваў паміж намі і арэндатарам і павінна задавольваць абодва бакі. Прагнозная сума будзе вызначаная намі ў бізнес-плане.

8. Мы не зможам зменшыць большасць нашых выдаткаў, але зможаі не даць ім расці. Гэта, вядома, будзе нялёгка, асабліва зважаючы на інфляцыю, але мы будзем імкнуцца, каб нашыя выдаткі адпавядалі нашым задачам.



Абапіраючыся на свае прагнозныя ацэнкі, мы пастараліся пабудаваць наш план так, каб на працягу года паступова палепшыць наша фінансавае становішча. Некаторыя нашыя выдаткі ўзрастуць, але мы мяркуем, што здолеем павысіць рэалізацыю накладу газеты і заробім больш на рэкламе і арэнднай плаце. Гэта дазволіла нам закласці павышэнне заробкаў нашым супрацоўнікам.

Асабліва радуе, што з кастрычніка, паводле нашых ацэнак, мы ўжо будзем мець прыбытак ад уласнай дзейнасці. Гэта значыць, што, пачынаючы з кастрычніка, мы будзем здольныя існаваць і без грантавай дапамогі Камісіі па дэмакратыі Пасольства ЗША, што сапраўды вельмі добра, бо такія гранты, як правіла, не даюцца два гады запар. Пакуль што мы, праўда, не маем прыбытку ад уласнай дзейнасці за ўвесь год – гадавы баланс (радок 23) паказвае нам дэфіцыт у 70.740.140 бел.руб.,— але ж рэальна (дзякуючы гранту) мы не будзем мець і стратаў, і наш агульны прыбытак складзе 421.285.860 бел.руб. (радок 21).

Такі добры вынік грунтуецца на нашых спадзяваннях, што мы здолеем прадаць большую колькасць газет і рэкламных паслугаў. Калі нашыя прагнозы акажуцца занадта аптымістычнымі, мы будзем вымушаныя скараціць свае выдаткі альбо сутыкнемся з верагоднасцю стацца стратным выданнем. У любым выпадку, маючы бізнес-план, вы ўжо маеце інструмент, які дазваляе пралічыць самыя розныя варыянты, у тым ліку неспрыяльныя, а значыць, дзякуючы яму, вы зможаце і пазбегчы такіх неспрыяльных сітуацыяў.

(На дыскеце, якая можа прыкладацца да гэтай брашуры, запісаная вылічальная старонка. Такая старонка здольная рабіць усе вылічэнні за вас. Незапоўненая версія старонкі даецца на апошняй старонцы кнігі.)

Частка 8. Заключэнне

Ц

япер у вас ёсць інструмент, які дапаможа вашаму эканамічнаму выжыванню. Бізнес-план сам не здольны зарабіць грошы за вас, але ён можа дапамагчы вам у самастойным зараблянні грошай, бо дазваляе да дробязяў убачыць усё, што тычыцца вашых даходаў і выдаткаў, зразумець, як яны ўзаемзвязаныя.

Навучыцца нечаму новаму — такому, як, напрыклад, складанне бізнес-плана, -- заўсёды нялёгка. Але калі вы аднойчы яго складзеце і навучыцеся прытрым-лівацца, ён стане вашай неад’емнаю часткай.

Калі вам спатрэбіцца дапамога ў складанні ўласнага бізнес-плана, не вагаючыся, звязвайцеся з намі — Прадстаўніцтвам IREX ProMedia ў Мінску.

Тэл. 017-227.15.72

Факс. 017-229.29.87

Электронная пошта: irex@irex.minsk.by

Інтэрнэтаўская старонка: http://www.irex.minsk.by






 

Биографии знаменитых Политология UKАнглийский язык
Биология ПРАВО: межд. BYКультура Украины
Военное дело ПРАВО: теория BYПраво Украины
Вопросы науки Психология BYЭкономика Украины
История Всемирная Религия BYИстория Украины
Компьютерные технологии Спорт BYЛитература Украины
Культура и искусство Технологии и машины RUПраво России
Лингвистика (языки мира) Философия RUКультура России
Любовь и секс Экология Земли RUИстория России
Медицина и здоровье Экономические науки RUЭкономика России
Образование, обучение Разное RUРусская поэзия

 


Вы автор? Нажмите "Добавить работу" и о Ваших разработках узнает вся научная Украина

УЦБ, 2002-2019. Проект работает с 2002 года. Все права защищены (с).
На главную | Разместить рекламу на сайте elib.org.ua (контакты, прайс)